адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ, Рас. імперыі і БССР у 16—20 ст. Утвораны ў 1566 у складзе Мінскага ваяв.ВКЛ. Цэнтр — г.Рэчыца Гомельскай вобл. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай скасаваны, яго тэр. 23.4.1793 падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губ. 29.10.1796 адноўлены на тэр., што ўвайшла ў Чарнігаўскую губ., з далучэннем часткі б. Кіеўскага ваяв. З 12.12.1796 у складзе Маларасійскай губ., з 29.8.1797 у Мінскай губ., да яго далучана частка прылеглых тэр. Мазырскага пав. У 1886 пл. павета 10,85 тыс.км², нас. 110 тыс.чал. Уключаў 23 воласці: Аравіцкую, Аўцюцевіцкую, Брагінскую, Васілевіцкую, Горвальскую, Даманавіцкую, Дзёрнавіцкую, Дзяражыцкую, Дудзіцкую, Ёлчанскую, Заспенскую, Карпавіцкую, Крукавіцкую, Лоеўскую, Маладушскую, Мікуліцкую, Нараўлянскую, Ровенскаслабодскую, Ручаёўскую, Савіцкую, Хойніцкую, Холмецкую, Юравіцкую; 405 вёсак. У 1894—52 мястэчкі (найб. значныя Лоеў, Горваль, Брагін), 861 гандл. прадпрыемства, 34 пачатковыя і царк.-прыходскія школы, некалькі школ граматы і хедэраў, 5 цэркваў, 3 касцёлы, некалькі яўр. малітоўных школ, 2 бальніцы, 4 прыёмныя пакоі, 7 аптэк, 6 паштова-тэлеграфных і 5 паштовых устаноў. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні РСФСР. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 14. У 1924 і 1926 павет часткамі перададзены ў БССР. У снеж. 1926 скасаваны, яго тэр. ўключана ў Мазырскую і Гомельскую акругі.